Будзь актыўным

Лекавыя травы пасяліліся ў берасцейскіх дварах

А вы ведалі, што ў берасцейскіх дварах пачалі з’яўляцца клумбы з лекавымі травамі? Паразмаўлялі з ініцыятаркай такой цікавай ідэі Вольгай Асмалоўскай, якая больш вядома пад псеўданімам Ірмера.

Ірмера – фітатэрапеўт, мылавар і аматар беларускай флоры. У сваім інстаграм-акаўнце яна распавядае пра тое, як стварае касметыку, лекавыя гарбаты, дзеліцца цікавымі рэцэптамі і нават піша казкі.

Мара Ірмеры – прынесці дзікую флору ў гарадскія двары, навучыць жыхароў шматпавярховых дамоў рабіць карысныя і непатрабавальныя клумбы і наогул зрабіць людзей бліжэй да прыроды.

Вольга праводзіла фіташпацыры ў наваколлі горада, дзе распавядала пра розныя расліны і іх карысць для здароўя. Там і нарадзілася ідэя стварыць лекавую клумбу у самім Берасці. Яшчэ мінулай восенню яна правяла першы майстар-клас па стварэнні лекавай клумбы ў цэнтры горада (двор вул. Карбышава, 37). Яна не разлічвала, что знойдзецца шмат ахвотных на пасадку клумбы, але ідэя спадабалася берасцейцам і Вольга атрымала шмат добрых водгукаў і просьб дапамагчы ў стварэнні такіх клумб. Таму для ўсіх ахвотных у лютым Вольга правяла дзве лекцыі пра тое, як правільна высаджваць лекавыя травы і як іх выкарыстоўваць для здароўя. Лекцыі праходзілі ў гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна, якая гасцінна прадаставіла сваю залю. Вольга дзялілася сваімі напрацоўкамі ў галіне догляду за раслінамі, расказвала якія дзікія лекавыя расліны будуць прыгожа глядзецца на клумбах і нават расказала аб тым, что большасць лекавых раслін (такіх як палын, лаванда, меліса і іншыя) адганяюць мошак. Ужо толькі гэта можа натхніць вас зрабіць лекавую клумбу ў вашым двары!

А з надыходам вясны Вольга дапамагае людзям аздабляць клумбы лекавымі раслінамі ў розных раёнах горада.

Натуральна, каб пасадзіць нейкія расліны ў горадзе, патрэбна атрымаць дазвол адпаведных камунальных служб. Усе арганізацыйныя моманты, узгадненні з ЖЭСамі мясцовыя жыхары бралі на сябе. Вольга толькі запытвала, як размешчана клумба, ці шмат там сонца, бо ад гэтага залежыць падбор адпаведных раслін – нейкія з іх любяць сонечныя ўчасткі, а некаторыя лепей сябе адчуваюць у цені. Вольга прыязджала са сваімі раслінамі ў вызначаны час, дзе яе чакалі жыхары двара. Яна паказвала, як рыхтаваць глебу да пасадкі, як і чым адгарадзіць клумбу, як пасадзіць травы, замульчыраваць глебу і як пасля наладзіць догляд за імі.

Ўсе лекавыя расліны для клумб Берасця Вольга выгадавала сама на падворку свайго доміка ў лесе недалёка ад горада, дзе праводзіць кожныя выходныя. Таму усе расліны з легкасцю будуць расці менавіта ва ўмовах нашага клімату.

Цікава, што стварэнне клумб, як аказалася, гэта добры спосаб пазнаёміцца і пасябраваць са сваімі суседзямі. У некалькіх дварах пасадка раслін працягнулася чаяваннем з хатняй выпечкай і міні-лекцыямі аб карысці лекавых траў.

Для тых, хто цікавіцца тэмай пасадкі і догляду за лекавымі клумбамі ў гарадскіх умовах, Вольга падрыхтавала буклет і нават зрабіла кароткія відэа-інструкцыі.


Прапануем і вам азнаёміцца з відэа-інструкцыямі ад Ірмеры па стварэнні клумб з лекавымі травамі:

Тут можна спампаваць бескаштоўную брашуру аб пасадцы і доглядзе за раслінамі: спампаваць.

Спадзяемся, брашура і відэа ад Ірмеры дапамогуць і вам стаць бліжэй да прыроды.

А пакуль сачыце за анонсамі наступных шпацыраў з Ірмерай па наваколлю Берасця. Дакладна будзе яшчэ шмат цікавага.