Кераміка, што аб’ядноўвае пакаленні

Вольнага часу ў Ганны Абрамчык амаль няма. Наша гутарка заспела яе ў дарозе, прыйшлося некалькі гадзін чакаць, каб сышліся зоркі для размовы. Але чаканне было варта таго!

Ганна – заснавальніца студыі керамікі “Тутачкі”. Яна праводзіць майстар-класы па кераміцы для малых і дарослых. Увогуле з глінай Ганна звязала ўсё жыццё – з дзяцінства хадзіла ў студыю керамікі, скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці “худграф” у БрДУ імя А.С.Пушкіна (сёння гэта спецыяльнасць закрытая). У гліне Ганне падабаецца яе цякучасць, спантаннасць, магія…

Мы пісалі пра студыю Ганны Абрамчык ўжо некалькі разоў, але сёння размова не пра тое.

Ганна верыць у цуды, але, верагодна, сама крышачку чараўніца. Інакш як патлумачыць, што месца для студыі на Савецкай было знойдзена пасля сямі месяцаў пошукаў выпадкова. Ганна проста ішла па вуліцы, падняла галаву і пабачыла аб’яву.

У сакавіку керамістка правяла серыю бясплатных майстар-класаў для людзей, якія вельмі хацелі, але не маглі трапіць да яе. У першую группу запісаліся пенсіянеры, у другую – студэнты. Пытаем, чаму такі выбар:

– Усё проста, – тлумачыць Ганна. – Я сама была студэнткай і разумею, што гэта, жыць на адную стыпендыю, адмаўляць сабе ва ўсім. Гэта перыяд, калі чалавек фармальна ўжо дарослы, але пакуль залежыць ад бацькоў, таму што сумяшчаць працу і вучобу не заўсёды магчыма. А ільгот у студэнтаў амаль ніякіх няма – стаўленне да іх як да дарослых. Таму захацелася парушыць гэтую нясправядлівасць і зрабіць для іх майстар-клас. Што тычыцца сталага пакалення, сітуацыя падобная. Нашыя бабулі і дзядулі лепш цукерку ўнуку купяць, чым парадуюць сябе прыемным. Але ж гэта тая аўдыторыя, якая любіць спрабаваць новае. Сучасныя пенсіянеры актыўныя, яны не сядзяць на месцы.

Так, напрыклад, у Берасці існуе Інстытут трэцяга ўзросту. А ўзрост, калі чалавек можа называць сябе маладым, павялічваеца. Таму не дзіўна, што вывучаць кераміку захацела вельмі шмат чалавек.

Ганна вырашыла падзяліць аўдыторыю. На адзін майстар-клас прыйшлі студэнты, на другі людзі пенсійнага веку. Запіс адбываўся праз Інстаграм. Цікава, што пенсіянераў запісвалі іх унукі ці дзеці. І спіс жадаючых быў доўгі. Але студыя можа змясціць абмежаваную колькасць людзей, таму было запрошана шэсць студэнтаў і сем наведвальнікаў сталага ўзросту. Сем атрымалася таму, што апошнімі ў спісе былі муж з жонкай, якія ні ў якім разе не хацелі разлучацца.

Ідэя трапіла ў самае сэрца. І першая, і другая ўзроставыя катэгорыі былі вельмі ўражаныя майстар-класам. Так Ганна вырашыла зрабіць трэцюю, фінальную сустрэчу для ўсіх. Першапачаткова яна задумвалася для падвядзення вынікаў і раздачы работ (студэнты рабілі кубкі, пенсіянеры – талеркі). Але выйшла ўсё не па плане – больш шчырай сустрэчы Ганна не памятае ў сваім жыцці.

– Высветлілася, што розным пакаленням ёсць што сказаць адзін аднаму. Людзі сталага ўзросту распавялі шмат захапляльных гісторый са свайго жыцця, моладзь паказала, што яны – не згубленае пакаленне. Высветлілася, што і маладым, і старэйшым ёсць што абмеркаваць. Падчас сустрэчы мы правялі гістарычную гульню па Берасцю, узгадалі асноўныя гістарычныя вехі нашага горада, я пабачыла бляск у вачах… І ведаеце: слухачы вельмі добра кантактавалі адзін з адным, а таксама выказалі прапанову – наступным разам не падзяляць групы па ўзросце, так будзе цікавей.

Безумоўна, атрымаўшы столькі пазітыўнай энергіі, Ганна не магла не падумаць пра тое, каб пашырыць практыку правядзення падобных майстар-класаў. Але для гэтага патрэбна знешняя падтрымка. Таму было б ідэальна, каб ідэю Ганны падхапіла якая-небудзь арганізацыя і падтрымала ідэю сродкамі на набыццё матэрыялаў. Гэта дасць магчымасць зрабіць шчаслівымі некалькі дзясяткаў людзей. Ганна шукае спонсараў, каб рабіць бясплатныя майстар-класы рэгулярна. Хто стане яшчэ адной феяй для студыі керамікі? Пішыце Ганне на @tutachki.studia.

Ulyana

Recent Posts

Тувінская і мангольская музыка ад вулічнага музыкі Аляксея

Аляксей абраў для сябе вельмі незвычайныя інструменты і стыль спеваў. Ён лічыць, што важна прасоўваць…

5 дней ago

Усе дарогі вядуць у Brasilena

Усё нестабільна, у жыцці стрэс Але сталасць тонка: У нас ёсць кава на вагу Ад…

6 дней ago

Саксафаніст Аляксандр: джаз і класіка на вуліцах Берасця

Вулічныя музыкі – гэта сапраўдныя мастакі, якія робяць наша жыццё больш яркім і насычаным. Яны…

6 дней ago

Выратаваныя і страчаныя сінагогі Берасця

У гісторыі Берасця складзена неверагодная мазаіка культурнай спадчыны, у якой асаблівае месца займаюць сінагогі, якія…

1 тыдзень ago

У пошуках смакавых скарбаў: кулінарнае падарожжа па сталовых горада

Сёння мы вырашылі адправіцца ў кулінарнае падарожжа па сталовых горада, каб высветліць, якія з іх…

1 тыдзень ago

DD11: гастранамічны аазіс у цэнтры Берасця

У непрыкметным куточку Берасця, на вуліцы Дзмітрыя Данскога, 11, паўстала ўнікальная гастранамічная ініцыятыва, якая ўжо…

1 тыдзень ago