Грамадства

Паштавікі не любяць незалежныя газеты

Два тыдні Барысаўскі раённы вузел паштовай сувязі не дастаўляе незалежную газету «Барысаўскія навіны» шасцідзесяці двум падпісчыкам, паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Пасля таго, як газету ўнеслі ў падпісны каталог Мінскай вобласці, у паштовых аддзяленнях Барысава падпіску на «Барысаўскія навіны» аформілі 62 чалавекі. Такую сціплую колькасць галоўны рэдактар выдання Анатоль Букас тлумачыць тым, што ва ўсіх трынаццаці паштовых аддзяленнях горада знялі інфармацыйныя плакаты аб магчымасці падпісацца на газету на пошце. І, тым не менш, шэсць дзесяткаў чалавек усё ж аформілі падпіску.

Але і гэтыя «шчасліўчыкі» вось ужо на працягу двух тыдняў не бачаць газету ў сваіх паштовых скрынях. Як высвятліў Анатоль Букас ў Барысаўскім РУПС, на вузле сувязі адбыўся кампутарны збой і ўся база дадзеных падпісантаў (не толькі на «БН», але і іншых выданняў) была знішчана. Але калі паведаміць пра гэта падпісчыкам рэспубліканскіх выданняў для барысаўскіх паштавікоў даволі складана, нішто не перашкаджала паставіць у вядомасць аб збоі падпісантаў «Барысаўскіх навінаў» праз газету. Але прадстаўнікі РУПС аддалі перавагу маўчаць і не выконваць свае абавязкі. Мабыць, не вельмі хочацца распаўсюджваць незалежную газету.

Крыніца spring96.org

Пакінуць адказ