Грамадства

Як патрапіць на заблакаваны сайт?

Як патрапіць на заблакаваны інтэрнэт‑сайт — інструкцыя для «чайнікаў». Што рабіць, калі вы заўважылі, што, напрыклад, нейкі сайт чамусьці не працуе, хоць усе астатнія веб‑старонкі загружаюцца імгненна?

Самы просты спосаб — выкарыстанне сайта‑ананімайзера ці проксі‑сервера. На старонку газеты трэба будзе заходзіць не наўпрост, а ў абход. Калі «Белтэлекам» заблакуе доступ на сайт для наведнікаў з Беларусі, ананімайзер спачатку злучыцца з серверам у Папуа Новай Гвінеі ці Таіці. Паколькі для гвінейцаў доступ на сайт «НН» наўрад ці будзе зачынены, вы трапіце на старонку газеты. Магчыма, сайт будзе грузіцца даўжэй, чым звычайна, але інфармацыя ўсё ж будзе атрыманая.

Дзе шукаць ананімайзеры? Дастаткова на любым сайце‑пошукавіку набраць «веб‑проксі» ці «веб‑ананімайзер» — і з’явяцца дзясяткі варыянтаў. Напрыклад, kproxy.com, hideme.ru, spysurfing.com. Працаваць з імі лёгка — на старонцы ў пустым полі набраць nn.by і націснуць Enter на клавіятуры.

Калі нейкі з ананімайзераў не працуе — а закрываюцца яны часта, — варта пашукаць іншы.

І я не я, і ліст не мой

З дапамогай ананімайзера можна і захаваць сваю прыватнасць. Не сакрэт, што для «прасунутых» хакераў нескладана вызначыць, з якога адраса было адпраўлена паведамленне на форум ці электронную пошту. Гэта датычыцца як інтэрнэт‑адрасоў, так і фізічнага месцазнаходжання. У выпадку працы праз ананімайзер, адзіны, на каго ўдасца выйсці, — той самы няшчасны гвінейскі сервер.

Проксі‑серверы падыдуць і тым, хто хоча ашчадзіць трафік — колькасць закачанай інфармацыі. Яны могуць перадаваць дадзеныя ў сціснутым выглядзе. «Распакоўка» ж будзе адбывацца непасрэдна на камп’ютары.

Ягор Марціновіч, nn.by

Пакінуць адказ