Categories: Замежжа

Падарожжа на выбары

19 снежня ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары. Перад пачаткам іх актыўнай фазы маладыя сябры БНФ і АГП мелі магчымасць набрацца досведу агітацыйнай працы: пры падтрымцы фундацыі Jarl Hjalmarson яны прайшлі стажыроўку ў штабах шведскай партыі Moderaterna.

Я (Уладзімір, БНФ) разам з Надзей (партыя АГП) праходзіў стажыроўку ў знакамітым месцы Швецыі – на востраве Gotland (падрабязней пра вострав тут і  тут).

Падчас нашага побыт я вёў дзённік з якім прапаную вам азнаёміцца. У дзённіку прадстаўлена апісанне агітацыйнай кампаніі, а таксама звычаяў жыхароў вострава, навучальных устаноў, краявідаў і г.д. Есць і вышэйшая палітыка – сустрэчы з міністрамі культуры і гандлю Швецыі, лідэрам моладзевага крыла партыі Moderaterna. Дзённік распавядае нават пра каханне з першага погляду паміж… але аб усім па чарзе.

Прыбыццё. Аўторак (07.09.2010), Стакгольм.

20.00 – прылёт у Стакгольм. Пасля самалёта яшчэ кепска чуваць. Засяленне ў гатэль.

21.15 – вячэра разам з пісьменіцай (Marika Ehrenkrona), яна піша кнігу пра Беларусь. Распавядаем пра жыццё ў Беларусі, дзейнасць моладзевых арганізацый. Даводзіцца доўга тлумачыць, чаму ўсе апазіцыянеры ў 2006 годзе раптам сталі “хуліганамі” і “мацершчынікамі”. Marika ніяк не можа зразумець, як міліцыянты маглі выступаць лже-сведкамі на судовых справах. “Навошта яны хлусілі?” – пытае яна. Што тут скажаш? Прывыклі яны ў Еўропе з павагай ставіцца да паліцыі, чыстата мундзіра і інш. Далёкія ад нас рэчы.

22.45 – пешая прагулка па Стакгольму. Надзю горад не ўражвае: “Як у нас на раёне”, -кажа яна, маючы на ўвазе Малінаўку ў Менску. Намагаюся пераканаць: “гэта таму, што мы на ўскрайку горада, а цэнтр Стальгольма – гэта крута“.

Устаноўчая канферэнцыя. Серада (08.09.2010), Стакгольм-Вісбю.

09.00 – Пачатак агульнай канферэнцыі для валанцёраў, якія будуць працаваць на Moderaternaў. Геаграфія ўдзельнікаў ўражвае – Сербія, Македонія, Харватыя, Фінляндыя, Албанія, Гана і зусім экзотыка – прадстаўнікі з Сейшэльскіх Астравоў.

10.45 – экскурсія ў парламент Швецыі. Па некаторых калідорах ходзім вельмі асцярожна і ціха – за дзвярыма працуюць чальцы парламента і зусім не хочацца ім перашкаджаць. Стала цікава – ці можна патрапіць на падобную экскурсію ў парламент Беларусі? Трэба будзе высветліць гэта пытанне.

Парламент Швецыі

выгляд з вокнаў Парламента

11.15 – Надзя знаёміцца з сербам па імені Djoko. Трэба адзначыць, што гэта было сапраўднае каханне з першага погляду і не толькі мне аднаму было вельмі сумна назіраць за іх развітаннем праз 5 гадзін. Бо Надзе лёсам быў наканаван востраў Gotland, а Djoko, як у франтавой песні – “совсем другая сторона”. Але якія могуць быць перашкоды для кахання ў наш нфармацыйны век? Урэшце, ёсць смс, мэйл і г.д.

13.30 – Працяг знаёмства з выбарчай сістэмай Швецыі. Цікава, што выбары тут адбываюцца на ўсе ўзроўні адначасова і праводзяцца адзін раз на 4 гады. Стаць кандыдатам не магчыма, не будучы сябрам якой-небудзь палітычнай партыі. Т.б. проста “харошы чалавек” без выразных палітычных поглядаў балатавацца не зможа.

столя нашай канферэнцыйнай залі

15.45 – У перапынку размаўляю з прадстаўнікамі сербскіх партый DSS, G17+, нарвежскай Hoyre. Усе яны ведаюць пра Беларусь. Але, на жаль, ў большасці іншаземцаў, веды пра Беларусь скончваюцца веданнем персаналіі Лукашэнкі.  Адразу калі даведваюцца, што я з Беларусі, кажуць: “А, Беларусь! Гэта там дзе правіць місцер Лукашэнка?”. “Не, – адказваю, – я з той Беларусі дзе файныя азёры, лясы і дзяўчаты”. Жарт прымаюць.

З устаноўчай канферэнцыі мне найбольш запомніўся даклад міністра гандлю Швецыі (Ewa Bjоrling) пад назвай “Trade for Democracy and Freedom”. Цікавейшы даклад, у тым ліку з палемікай аб санкцыях для аўтарытарных краін. Па ангельску ён тут.

18.20 – ад’езд у аэрапорт.

20.25 – прыбыццё на востраў Готланд. Дакладней у яго “сталіцу” горад Вісбю. Улічваючы, што ўсё насельніцтва вострава парадку 50 000 чалавек і прыкладна палова з іх пражывае ў Вісбю, задача па агітацыі нам цяжкай не падаецца.

Надзя, Anders і я.

20.30 – нас сустракаюць прадстаўнікі мясцовай філіі партыі Moderaterna. Гэта менеджэр кампаніі Anders і Lars-Eric – Амбудсмэн (шведскае слова, якое азначае «упаўнаважаны па абароне правоў чалавека»). Забягаючы наперад скажу, што мы моцна пасябравалі з гэтымі цудоўнымі дзядзькамі і перапісваемся да гэтага часу.

21.20 – засяленне ў хостел. Для тых, хто перакананы, што апазіцыя шыкуе і жыве ў 5-зоркавых гатэлях прыкладаю фота нумара:

Наш хостел

Улічваючы халодны пакой і боязнь Надзі да новых мясцін, было прынята рашэнне аб часовым сумесным пражыванні.

Першы дзень працы. Чацвер (09.09.2010), Вісбю.

9.10 – Едзем з Andersам у офіс Moderaterna. Па дарозе невялікая экскурсія па гораду. Сапраўды ёсць на што паглядзець, не дарма штогод тысячы турыстаў прыязджаюць сюды. Абмяркоўваем экалагічную культуру шведаў: у памяшканнях 4 асобных сметніцы – для паперы, пласціка, метала, шкла. Калі смецце адсартыравана – 50% зніжка за вываз мусара. Дарэчы у Швецыі можна за грошы здаваць пластыкавыя бутэлькі (1,5-літровая бутэлька – 2 кроны*) і жэсцяныя банкі (0,5 крон).

Для роварыстаў сапраўдны рай: адмысловыя сцяжынкі, падземные пераезды, паркоўкі… Таму не дзіўна, што пры такіх умовах, ды яшчэ пры 2-даляравым літры паліва, жадаючых ездзіць на роварах шмат. Дарэчы, змаганне за “роварны рай” у Брэсце не так даўно распачаў “Дзедзіч”, падрабязней тут, тут і тут.

* – 1 крона ~ 400 бел. рублёў.

асобныя сметніцы ў памяшканні

Роварная паркоўка. Вісбю.

11.05Агітацыйны шапік у цэнтры Вісбю.

Агітацыйны шапік

суседзі па агітацыі

шапік сацыял-дэмакратаў

Не хадзіце на лева! – добры надпіс на шыльдзе партыі Moderaterna насупраць агітацыйнага шапіка сацыял-дэмакратаў.

Гэта не проста кніга з рэцептамі страваў – гэта агітацыйны матэрыял!

У прынцыпе палову агітацыйных матэрыялаў займаюць не класічные ўлёткі, а розныя дробныя карысныя штучкі з эмблемамі партыі Moderaterna: балёнікі, асадкі, бірулькі, наборы спецыяў для грыля, прылады для закрыцця пластыкавых пакетаў, працірання экрана мабідьніка, презерватывы і г.д.. Карацей разам з улёткай вы можаце атрымаць ці набор для грыля, ці презерватыў. Тут ужо як пашанцуе. Дарэчы, мы з Надзей спрабавалі уявіць презерватывы з эмблемай АГП ці БНФ. Неяк не атрымалася.

15.10 – патрапілі на абед у кавярню пад правакацыйнай назвай “Руская кухня”. У Швецыі прынята класці шмат спецыяў і солі ў стравы – адбіваецца відаць тое, што гэта паўночная краіна. Не гледзячы на назву кавярні, рускага, у супе за 100 крон, было не шмат – разам з бульбай плавалі ананасы. І гэта ўсё з вялізарнай колькасцю солі і перца.

17.40 – сустракаемся з нацыянальным лідэрам моладзевага крыла партыі Moderaterna. Яго імя Niklas Wykman. Энергічны і харэзмаітычны малады чалавек. Акрамя яго на сустрэчы каля 15 сябраў арганізацыі. Са здіўленнем даведваемся, што сябры моладзевага крыла партыі Moderaterna, а гэта хлопцы і дзяўчаты 15-17 гадоў нічым акрамя палітыкі не займаюцца. Т.б. падчас выбараў дапамагаюць агітаваць за сваю партыю, а ў прамежак паміж выбарамі займаюцца палітычнымі дэбатамі у СМІ, робяць сацыялагічныя апытанні. Niklas добра ведае пра палітычную сітуацыю ў Беларусі, ён і яго сябры хочуць прыехаць да нас на прэзідэнцкія выбары, калі не ўзнікнуць пытанні з візамі.

– У Швецыі мы здолелі перамагчы, толькі тады калі аб’дналіся. Я зычу усім палітычным сілам у Беларусі яднацца, бо толькі так вы здольны перамагчы. Лічу, што ў будучыні Беларусь стане сябрам Еўрапейскага Звязу, – так у скароце можна перадаць пасланне Niklasа.

Дзякуй! Еднасці нам сапраўды не хапае.

19.00 – пешая прагулка па ўзбярэжжы Вісбю.

узбярэжжа

Другі дзень працы. Пятніца (10.09.2010), Вісбю.

10.15 – Агітуем у гімназіі. Прадстаўнікі іншых партый таксама тут. (Крыху пра партыі Швецыі можна пачытаць па гэтай спасылцы). Даведваемся ці выгадна быць сябрам гарадскога савета ў Швецыі, бо напрыклад у Беларусі гэта пасада не аплочваецца. У Швецыі расклад такі: 1000 крон* сябра савета, 5000 – старшыня савета. Гэта па гораду Вісбю.
* – 1 крона ~ 400 рублёў.

Надзя размаўляе са школьнікамі. Аказваецца, што пачынаючы са школы іх выхоўваюць як актыўных і вельмі разборлівых выбаршчыкаў. Так, падчас заняткаў, яны атрымоўваюць заданні даведацца пазіцыю розных партый па нейкаму востраму пытанню. Напрыклад глабальнага ўзроўню – наконт пабудовы новай АЭС, ці лакальнага – пабудовы паркінгу ці прыпынку. Такім чынам, з юнацтва яны прывучаюцца разбірацца ў палітыцы і знаходзіць партыю на свой густ. Стала зразумела, чаму падлеткі так актыўна падыходзілі да нас учора падчас агітацыі.

школьнікі цікавяцца палітыкай

школьнікі цікавяцца палітыкай

12.30 – Знаёмлюся с прадстаўнікамі партыі піратаў. Падрабязней пра іх тут.
Задаю правакацыйнае пытанне якая палітыка піратаў у дачыненні да нашай краіны. Адказ атрымліваю хуткі і адназначны: піраты за дэмакратыю, таму супраць рэжыма Лукашэнкі. Так што сябры, флот піратаў на Свіцязі падчас Плошчы нам забяспечаны.

столік піратаў

плакат зялёных

13.20 – Самастойная прагулка па гімназіі. Цікава, я ж настаўнік! Доўга не магу пранікнуць у калідор – аказваецца там ёсць гузік, пры націсканні якога дзверы адчыняюцца аўтаматычна. Цяжка з гэтай цывілізацыяй : )

шведскія школьнікі

школьная творчасць

14.10 – Вяртаемся да агітацыйнага шапіка ў цэнтры Вісбю. Размаўляем з Вольгай карэспандэнткай “Шведскае радыё. Готланд”. Аказваецца яна наша зямлячка і нават навучалася ў тым жа універсітэце, што і Надзя. А ў Швецыю яна з’ехала з-за кахання – сустрэла падчас стажыроўкі свай лёс. Вольга па чарзе запісвае з намі інтэрв’ю для радыё.
15.00 – Прыбывае міністр культуры Швецыі. Lena Adelsohn-Liljeroth з партыі Moderaterna і мэта прыезда – агітацыя. Наогуле жанчын у шведскай палітыцы вельмі шмат. Час і нашым варушыцца, тады дакладна ў краіне што-небудзь зменіцца : )
Па аналогіі з Беларуссю мы чакалі ад прыбыцця міністра доўгага картэжу, ахоўнікаў ды снайпероў. Аднак, усё аказалася простым да не прыстойнасці – ні аховы, ні картэжу. Адна паліцэйская праўда падыйшла праз 10 хвілін пасля пачатку сустрэчы міністра з выбаршчыкамі. Асобна варта сказаць пра дрэс-код. У Швецыі вам не прыйдзецца хвалявацца, пра наяўнасць гальштука і строя – тут прынята адзенне тое, якое вам зручна.

злева - міністр культуры Швецыі Lena Adelsohn-Liljeroth

А гэта яе ахова

Падчас выступу міністра, партыі якія уваходзяць у Альянс (акрамя Moderaterna, гэта партыі: Народная, Хрысціянскія-дэмакраты, Партыя цэнтра) арганізавалі сумесны шапік з раздачай выбаршчыкам кавы і хатней выпечкі. Аказваецца за дзень да гэтага кожная партыя ўзялася самастойна падрыхтаваць пачастунак для выбаршчыкаў. У апошніх ідэя знайшла водгук і імпрэза атрымалася вельмі цёплай па настрою.

пачастунак ад Альянса

17.15 – гуляем па вуліцы, раздаем улёткі. Холадна, пачаўся дождж. Папутна аглядаем вітрыны крамаў. Надзя крытыкуе мясцовы абутак – штучная скура, няма абцасаў. Сама жа і тлумачыць чаму так – шведы клапаццяца аб жывёлах таму ні скураное, ні футравае адзенне тут не распаўсюджана. А наконт абцасаў “дык гэта правільна, няма чаго вас мужыкоў балаваць”. Ківаю галавой дэманструючы згоду з апошнім выказваннем. Канешне, згода выключна знешняя.

20.00 – Інтэграцыйная вечарына. Сабраліся ўсе актывісты штабу, прыкладна 30 чалавек. Прысутнічае таксама міністр культуры.  Надзя актыўна распавядае прысутным пра планы апазіцыі на будучыя прэзідэнцкія выбары. Я запрашаю прыязджаць да нас – дапамагаць у правядзенні кампаніі, у назіранні. “Ці ўключана ў тур наведванне беларускай турмы?” – напалову з жартам, напалову ў сур’ёз запытваюць нашыя шведскія сябры. Запэўніваем у адказ, што пры жаданні гэта проста “арганізаваць”. Было прыемна, што дабраахвотнікі ў такі “тур” знаходзяцца вельмі хутка.
Даведаліся на вечарыне карысныя шведскія словы: “Дранікі” – “Рагмунд”, “Будзьма!” – “Скоол!”. Таксама цікавае слова “Jobbar”  – “працоўны”. Застаецца дадаць, што першы гук “J” – адпавядае нашаму “Й”.

Агітацыя на Kraklingbo. Субота (11.09.2010), Gotland.

Kraklingbo – знакаміты рынак Готланда. Знаходзіцца ў 40-50 хв. езды ад Вісбю. Там за дзень праходзяць тысячы людзей, таму абмінуць агітацыяй такой месца было б злачынствам. І ўсю пятніцу мы прысвяцілі агітацыі на  Kraklingbo – раздавалі матэрыялы, размаўлялі з людзьмі. Цікава, што за весь час побыту на Готландзе я сустрэў толькі аднаго чалавека які не размаўляў па-ангельску.

Надзя ў атачэнні актывістаў. Kraklingbo.

агітацыйныя матэрыялы для ўсіх

Парковка на Kraklingbo. Гэтая штука сапраўды ездзіць!

Акрамя іншага, падчас размоў я даведаўся, што мае калегі–настаўнікі ў Швецыі зарабляюць прыблізна 3000 даляраў, а пенсіянеры маюць мінімум 650. Але назваць памер сярэдняй пенсіі цяжка, бо згодна з рэформай 10-ці гадовай даўніны, яна складаецца з трох частак: 1 – уласныя адлічэнні (т.б. тое што адкладаецца з заробку на спецыяльны пенсійны рахунак), 2 – адлічэнні ад наймальніка (залежыць ад установы, віда вытворчасці і формы ўласнасці), 3 –даплата дзяржавы. Таму калі мець добры заробак, то і пенсія ў пару тысяч даляраў дзівам не будзе.

Спадабаўся крэатыў сацыял-дэмакратаў. Яны раздавалі яблыкі з налепкай сваёй партыі. Дарэчы, вельмі смачныя, таму давялося пару разоў падыходзіць – “агітавацца”.

Апошні дзень. Нядзеля (12.09.2010), Gotland – Riga – Радзіма.

Палову ночы суседзі па хостелу не давалі спаць: двое шведскіх мужыкоў высвятлялі кто мае больш правоў на нейкую мамзель. У выніку ўсе трое вылі на адной ноце горш за мартаўскіх катоў. Праз 10 хвілін вельмі захацелась даведацца з якім гукам грукаецца лоб аб сценку гэтага гатэля. Але Надзя забараніла гэтае навуковае даследванне над брацкім шведскім народам.

У астатнім апошні дзень прайшоў надзвычай файна. Inger, актывістка партыі Moderaterna, арганізавала для нас экскурсію на суседні з Gotlandам востраў Fаrо. Да нядаўняга часу там знаходзілась ваеная база і наведванне было забаронена. Менавіта гэты востраў аблюбаваў у свой час Таркоўскі для здымкаў знакамітага “Жертвоприношения”.

Востраў сапраўды надзвычай цікавы. Вось уявіце – велізарная плошча, а насельніцтва ўсяго 600 чалавек, сувязь з Gotlandам толькі праз паром. Плюс прырода, вецер, мора – гэтакі рай для затворцаў, літаратараў і філосафаў. Вельмі захацелася сюды хаця б на поўгады…
Тут я атрымаў першы досвед перасоўвання на пароме, а Надзя ўпершыню дакранулась да мора.

Паром. Адзіны шлях на востраў.

17.30 – вылет на Радзіму.

Вынікі выбараў.

Вельмі добрыя вынікі выбараў для Альянса па краіне: да абсалютнай большасці ў парламенце ім не хапіла ўсяго трох месцаў. Трохі горшая сітуацыя па Gotlandу. Падрабязнасці пра вынікі тут, тут і тут.

У цэлым ад усяго “Падарожжа на выбары” засталося вельмі пазітыўнае ўражанне: акрамя досьведу паліттэхналогій, засталося шмат уражанняў ад новых мясцін, ад знаёмства з нашымі шведскімі партнэрамі, ад сяброўства з маей напарніцай Надзей. Таксама мы добра пасябравалі з Andersам і Lars-Erikам, перапісваемся да гэтага часу. Дзякуй ім за цікавую праграму, дзякуй фонду Jarl Hjalmarson за магчымасць стажыроўкі. Да новых сустрэч!

Сямейная агітацыя

Peder, прадстаўнік партыі Moderaterna. Жонка належыць да партыі сацыял-дэмакратаў, але шчасліваму сямейнаму жыццё гэта не перашкаджае. Дачка агітуе за Moderaternу. Так трымаць!

dzedzich

Share
Published by
dzedzich

Recent Posts

Праца, якую мы выбіраем

Па якіх крытэрыях ацэньваецца патэнцыйны працаўнік? Не ў апошнюю чаргу па правільна складзеным рэзюме. Гэта…

3 дні ago

Музыка Савелій – пра сябе і арганізацыю вулічнай музыкі Берасця

Савелій Савянок – вулічны музыка, саліст і электра-гітарыст гурта «Distortion». Сава рознабаковы, цікавы і шчыры…

5 дней ago

Лекавыя травы пасяліліся ў берасцейскіх дварах

А вы ведалі, што ў берасцейскіх дварах пачалі з’яўляцца клумбы з лекавымі травамі? Паразмаўлялі з…

7 дней ago

Вулічны музыка Вадзім і яго вялікі рэпертуар кавераў

Вадзім – вулічны музыка з рэпертуарам больш за 1000 песень, а таксама вельмі творчы і…

1 тыдзень ago

Віктар Арабейка – патомны кінолаг

Кім яшчэ можа стаць чалавек, у якога лепшым сябрам з дзяцінства быў сабака Пілот, у…

2 тыдні ago

Доўла – прафесія дапаможцы для маці

Не ўсе ведаюць прафесію з незвычайнай назвай – доўла. Праца доўлы – падтрымліваць і дапамагаць жанчыне падчас цяжарнасці,…

2 тыдні ago