Categories: Культура

Беларускі арнамент

Народнае мастацтва беларусі, якое вызначаецца найперш самабытнасцю, вобразнасцю, найбольш яскрава праявілася ў ткацтве і вышыўцы. Больш таго, не будзе перабольшаванне казаць, што ручнікі, абрусы, посцілкі – гэта своеасаблівая аповесць пра жыццё народа, яго шчасце, працу і спадзяванні.

Фрагмент посцілкі з арнаментам, прысвечаным моцнай сям’і

Пра што расказваюць узоры

Народнае мастацкае ткацтва – адзін з самых пашыраных відаў народнага выяўленчага мастацтва. Але было б зусім няправільна ацэньваць яго толькі з пазіцыіі прыгажосці, арыгінальнасці арнаментыкі, каларыту. Кожны ўзор – гэта сімвал – ураджаю, працы, шчасця, святаў, павагі да продкаў, кахання, любві.

Беларускі арнамент захаваў у сабе старажытную язычніцкую культуру і міфалогію. Шматлікія ўзоры прысвечаныя беларускім язычніцкім багам – Ярыле, Ладзе, Жыжалю, Маці-Зямлі. Калі вышывальшчыца ці ткачыха аздабляла такімі ўзорамі сваю працу – гэта азначала тое, што яна звярталася за дапамогай да гэтых багоў. Былі таксама арнаменты прысвечаныя і святам такім, як Купалле, Каляды, Дзяды і іншыя. Цікава, яшчэ і тое, што ва ўяўленнях беларусаў гэта не пярэчыла хрысціянскай веры. Рушнік з такім арнаментам мог быць ахвяраваны ў царкву і ёю прыняты.

Сімвалы продкаў

Асноўныя матывы

У беласкім арнаменце можна вылучыць некалькі асноўных матываў.

Вобразы ўраджаю і ўрадлівасці. Галоўнай крыніцай існавання людзей на зямлі былі жывёлагадоўля і земляробства. Іх адлюстраванне – сімвал багацця і дабрабыту. Тут мы знойдзем вобраз Ярылы-Юрая, бога ўрадлівасці і жыццёвых сіл прыроды, якога прасілі аб добрым ураджаі ці ягонага хрысціянскага двайніка Юрыя. вобразы Жыценя, Жытняй бабы, Спарыша, Рая, Багача (ці дажынкавага снопу), Палявіка, Дажджа, Вялікага Сонца, Маці Зямлі-Карміцелькі, і канешне, Хлеба, як сімвалу дастатка і дабрабыту.

Вобразы маці. У тканым і вышываным арнаментах вобраз Маці сустракаецца ў трох варыянтах: у выглядзе жаночай фігуры, у выглядзе абмаляванай гірляндаю зоркі і у выглядзе схематычнага дрэва. Нярэдка вобраз суправаджаўся сімваламі сонца, месяца, агню, ветру, што падкрэслівала раўназначнасць гэтых вобразаў.

Вобразы роднай Беларусі. Звычайна гэта быў узор скампанаваны з квадратаў і кругоў, што сімвалізавала сонца і зямлю. Існавалі таксама матывы ракі (папярэчныя палосы, якія нагадваюць рабізну на вадзе), вады (быццам кругі на вадзе, але складзеныя з прамавугольных кірпічыкаў), лесу, дубровы (звычайна некалькі радоў пазнальных матываў магутных дрэваў), поле, лугу (кветкі ўсіх магчымых колераў), жывёлаў, птушак.

Вобразы святаў. Вялікдзень, Купалле, Каляды, Масленіца і шмат іншых святаў знайшлі сваё адлюстраванне ў арнаментах. Выкарыстанне ручнікоў, абрусаў і іншых твораў у такія дні з такімі ўзорамі было звязана з магіяй, адмысловымі рытуаламі.

Вобразы яднання песень і кветак, мелодыі і арнаменту. Гэтыя дзіўныя на першы погляд вобразы звязаныя з любоўю беларусаў да песень і музыкі, са звычкай пець пад час працы і адпачынку. Часцей за ўсё майстрыхі звязвалі вобраз музыкі з рознымі карункавымі вырабамі ці з выявалі кветак і птушак.

Вобразы язычніцкай міфалогіі. Галоўныя вобразы тут – Бог Сонца і Багіня Маці-Зямля, бо яны нарадзілі людзей і ўсю прыроду, па вераваннях старажытных славянаў. Але не былі забытыя і іншыя богі і увасабленні прыроды, такія як Дамавік, Палявік, Вадзянік, Лесавік.

Вобразы кахання. Тут былі сумныя вобразы жаночай долі, русалкі (апошняя досыць умоўная ўвыглядзе букета кветак) і даволі гарэзлівыя вобразы фізічнай блізкасці мужчыны і жанчыны. Распаўсюджаным арнаментам была дзяучына з поднятымі рукамі, якая трымае каласы і кветкі – Лада, багіня кахання і прыгажосці.

Вобразы чалавека, сям’і, дзяржавы. Сімвал чалавека васьміканцовая зорка – адзін з самых пашыраных сімвалаў у беларусаў. Бярозка ці рабіна – вобраз дзяўчыны, клён (явар) – хлопца. Сям’я – чатыры крыжападобна спалучаныя разеткі, нярэдка ў арнаментальнай аблямоўцы.

Вобразы веры. Перш за ўсё гэта сімвалы продкаў. На Беларусі заўсёды шанавалі дзядоў, перад памерлымі не было страху, пабачыць іх у сне не лічылася дрэннай прыкметай – наадварот – у іх прасілі дапамогі, рады, іх запрашалі на сямейныя святы. Сімвал агульнага продка – два перакрыжаваных прамавугольніка, унутры – маленькі крыжык. Сімвал роднага дзеда – крыж з чатырох квадратаў.
Акрамя гэтых сімвалаў у арнаментах беларусаў можна знайсці ўзоры душы (васьміканцовая разетка са скругленымі канцамі), узоры гаданняў, мараў, надзей.

Багач

Жытняя баба

Варажба

Жаночая доля

Жыцень

Зямля абуджаецца вясною

Зямля

Маці-Радзіцельніца

Песня

Русалка

Сонца

Спарыш

Хлеб

Чалавек

Ярыла

Тэкст напісаны на аснове кнігі М.С. Кацар “Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка”.

Darya

Recent Posts

Як жывецца тым, у каго ўжо ёсць сабака?

Жывёлы, на наш погляд, не толькі сябры чалавека, але і істоты, якія значна паляпшаюць нашае…

51 хвіліна ago

Праца, якую мы выбіраем

Па якіх крытэрыях ацэньваецца патэнцыйны працаўнік? Не ў апошнюю чаргу па правільна складзеным рэзюме. Гэта…

4 дні ago

Музыка Савелій – пра сябе і арганізацыю вулічнай музыкі Берасця

Савелій Савянок – вулічны музыка, саліст і электра-гітарыст гурта «Distortion». Сава рознабаковы, цікавы і шчыры…

5 дней ago

Лекавыя травы пасяліліся ў берасцейскіх дварах

А вы ведалі, што ў берасцейскіх дварах пачалі з’яўляцца клумбы з лекавымі травамі? Паразмаўлялі з…

1 тыдзень ago

Вулічны музыка Вадзім і яго вялікі рэпертуар кавераў

Вадзім – вулічны музыка з рэпертуарам больш за 1000 песень, а таксама вельмі творчы і…

1 тыдзень ago

Віктар Арабейка – патомны кінолаг

Кім яшчэ можа стаць чалавек, у якога лепшым сябрам з дзяцінства быў сабака Пілот, у…

2 тыдні ago